БЫ́ЦЕНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў Беларусі ў 1766—1914 у мяст. Быцень Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, у 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, у 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).
т. 3, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)